Як заахвоціць дзіця хадзіць у касцёл?

Часам людзі звяртаюцца да святара з пытаннямі: «Ці трэба прымушаць дзіця хадзіць у касцёл? Ці можна змушаць да катэхезы? Як заахвоціць да веры, малітвы, Касцёла?» Падобныя пытанні часта нараджаюцца на фоне агульнай абыякавасці да веры ў асяроддзі, дзе даводзіцца жыць і бацькам, і дзецям. Калі іншыя не ходзяць, то можа і нам не ісці? 


Некаторым даводзіцца яшчэ цяжэй, бо хтосьці з блізкіх пачынае пераконваць, што дзяцей нельга прымушаць. Прычым гэты прынцып чамусьці тычыцца толькі Бога, але пра яго забыва­юць, калі гаворка ідзе пра зямное жыццё: школу, лячэнне, харчаванне дзіцяці. Такія «добрыя дарадчыкі» аргументуюць гэта думкаю, што, маўляў, дзіця вырасце і само ўсё зразумее, само пачне верыць, маліцца, шукаць Бога. А пакуль што яно малое, яму яшчэ рана, і ёсць шмат іншых больш важных спраў: школа, рэпетытары, факультатывы, гурткі, басейны, клубы і г.д. Бо калі, маўляў, змушаць да малітвы, Касцёла ці катэхезы, то дзіця ўсё гэта пачне ненавідзець. Мы ж не любім, калі нас змушаюць, таму лепей няхай дзіця само да ўсяго дойдзе, а пакуль што Бог неяк пачакае… 

Маладыя бацькі, ідучы за прапагандаю так званага «бясстрэсавага выхавання», «талерантнага свету», «роўнасці ўсіх вер і перакананняў», дума­юць, што, можа, і праўда лепей пакінуць дзіця без Бога — няхай само што хоча, тое і выбірае, а пакуль будзем зму­шаць (!) дзіця да іншага: правільна харчавацца, клапаціцца пра здароўе цела, доб­ра вучыцца, дбайна выконваць тысячы абавязкаў. Але сярод усяго гэтага «бясстрэсавага» спісу чамусьці няма ніякіх абавязкаў перад Богам. 

Такім «талерантным» у веры бацькам варта задаць сабе пытанне: калі маё дзіця не хоча ісці ў школу, што я раблю? Хіба я кажу дзіцяці: «Можаш не ісці. Калі вырасцеш і захочаш, само пачнеш вучыцца, а цяпер можаш паспаць, пайсці пагуляць і рабіць, што ўздумаеш. Я не буду цябе змушаць».  Усё ж такі бацькі імкнуцца неяк матываваць сваіх дзяцей, бо ведаюць, як важна хадзіць у школу. Чаму ж тады некаторыя дарослыя не матывуюць дзяцей да наведвання касцёла, да малітвы, катэхезы? Адказ просты: бо самі не маюць матывацыі і не перакананыя, што ўсё гэта сапраўды патрэбна.

Таму ключ да вырашэння пытанняў
пра хрысціянскае выхаванне дзяцей адзін:
у стаўленні саміх бацькоў,
у іх уласнай веры, перакананнях і матывацыях.

Праблема наведвання касцёла ці катэхезы ніколі не стаіць перад тымі бацькамі, якія глыбока перакананыя ў неабходнасці веры і жыццёвай неабходнасці выканання ўсіх вынікаючых з яе абавязкаў. Сумненні нараджае фальшывая прапаганда т.зв. ідэалогіі рэлятывізму: «усё адносна», «кожны па-свойму мае рацыю», «да канца нічога невядома», «час пакажа», «ісціна будзе дзесьці там, а пакуль мы ідзем да яе кожны сваім шляхам», «усе веры роўныя», «усе меркаванні правільныя» і г.д. Ідэалогія рэлятывізму ўсё размывае, стварае ілюзію талерантнасці і свабоды, бо здаецца, што гэта таксама правільны шлях. Сапраўды, добра жыць у свеце, дзе ўсё, што ні ўтворыш, добра. Не трэба ні ў чым высільвацца. Толькі на самай справе такі свет не існуе. Рэальнасць іншая і жорсткая. Размыванне межаў паміж праўдаю і фальшам, паміж дабром і злом дэзарыентуе чалавека, робіць падатлівым на маніпуляцыі, а гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да таго, што выкарыстаная іншымі асоба адчувае сябе прыніжанаю, неабароненаю, расчароўваецца ў людзях, у сабе, пачынае баяцца верыць нават Богу.  

Каб абараніцца ад няправільнага выхавання, якое прыніжае і дэзарыентуе чалавека, бацькам важна пачынаць не з дзяцей, а з саміх сябе. Каб «даць» дзецям Бога, трэба самім Яго знайсці. А каб знайсці, трэба шукаць. Таму разам з клопатам пра катэхізацыю дзяцей бацькі павінны абавязкова клапаціцца і пра сваю катэхезу. Бацькі, якія самі імкнуцца пастаянна па­глыбляць разуменне сваёй веры, вучацца рэальнай малітве, адкрываюць багацце таго, што дае Касцёл і катэхеза дарослым, яны шчаслівыя ў Касцёле, і гэтае шчасце імкнуцца перадаць дзецям. Яны не зважаюць на капрызы сваіх дзетак, але ўсім сваім прыкладам, сваім жыццём паказваюць, што яны самі моляцца і ходзяць у касцёл, і што гэта рэальна мяняе іх жыццё да лепшага. Не трэба шмат гаварыць там, дзе прамаўляе прыклад жыцця, таму ключ да матывавання дзяцей — у матывацыі саміх бацькоў.

Некаторыя бацькі, хоць і маюць добрыя намеры, але часам не ведаюць простых псіхалагічных правілаў, якіх неабходна прытрымлівацца ў адносінах з дзеткамі. У матываванні дзяцей да таго, каб яны давяралі бацькам і прыслухоўваліся да іх парадаў, варта прытрымлівацца некалькіх асноўных прынцыпаў, якія могуць дапамагчы бацькам вучыцца не прымушаць, а менавіта матываваць дзяцей да самастойных дзеянняў у жаданым кірунку. 

Па-першае, трэба заўсёды адносіцца да дзіцяці з павагаю і быць уважлівымі да яго пытанняў. Гэтае правіла звязана з простай заканамернасцю: як ты, так і да цябе (прынцып узаемнасці). Калі бацькі ўважлівыя да дзіцяці, то і яно вучыцца ад іх уважлівасці да іншага чалавека, а ў першую чаргу — да сваіх бацькоў. Важна, каб бацькі не выкарыстоўвалі сваю ўладу, каб не прымушалі (не прыніжалі) дзіця, а наадварот, з павагаю да яго пытання выслухоўвалі яго і тлумачылі. Такі стыль паводзінаў вучыць і бацькоў, і дзяцей узаемнай павазе, пашане да годнасці, развівае пачуццё вартасці асобы, уменне кантраляваць сябе, адкрывацца на патрэбы іншых і, што яшчэ больш важна, тлумачэнне і матываванне дапамагае выхоў­ваць дзіця так, каб яно само сябе дысцыплінавала і разумела сэнс сваіх дзеянняў.  

Наступны, блізкі да першага прынцып: выкарыстоўваць уладу над дзіцём з пашанаю яго годнасці, каб яно ўспрымала гэта не як прыніжальны загад, але як натуральнае права, якое вынікае з абавязкаў бацькоўства. І яшчэ адзін прынцып паспяховых адносінаў з дзіцём: выразныя і зразумелыя распараджэнні бацькоў. Важна заўсёды зыходзіць з пазіцыі клапатлівага і празрыстага ў намерах апекуна, які шануе дзіця і жадае яму дабра. 

І гэты пасыл павінен мець форму, зразумелую для выхаванка.

З папярэдняга прынцыпу вынікае і наступны: каб зразумець дзіця, трэба паглядзець на свет яго вачыма. Калі мы хочам, каб наш выхаванак нас разумеў, неабходна глядзець на ўсё праз прызму яго светаўспрымання. Тады мы зразумеем, што можа стаць перашкодаю і як лепей данесці жаданую праўду. 

Яшчэ адным важным элементам матывацыі дзяцей да жыцця ў Касцёле з’яўляецца ўменне размаўляць з імі. Натуральна, што ў працэсе ўзрастання, асабліва ў падлеткавым узросце, у дзіцяці ўзнікае шмат новых і вельмі сур’ёзных пытанняў, і важна, каб дзеці пачулі адказ на іх менавіта ад бацькоў, а не ад зламыснікаў і фальшыўцаў, якіх так шмат, напрыклад, у інтэрнэце. Калі бацькі не ведаюць, што сказаць дзіцяці, яны могуць падказаць яму параіцца з духоўнікам, да якога самі ходзяць па параду. Такі падыход выхавае ў дзецях перакананне, што нават калі яны застануцца без бацькоў, у чужым і цяжкім асяроддзі, далёка ад дома, усё роўна ёсць хтосьці, да каго можна звярнуцца, — святар, духоўнік. Гэта выхавае пачуццё бяспекі і ўсведамленне, што ў кожным куточку зямлі касцёл — гэта тое месца, дзе чалавеку заўсёды дапамогуць і падтрымаюць.

Некаторыя бацькі, разумеючы патрэбу ў катэхізацыі і наведванні касцёла, перажываюць з-за таго, што не маюць у сваёй парафіі адпаведных умоваў для дзіцячай катэхезы. У такіх сітуацыях важна не апускаць рукі, але шукаць такіх жа зацікаўленых бацькоў і разам узяцца за арганізацыю і месца, і часу — не чакаць, пакуль усё зробіць святар, а дапамагчы яму ў арганізацыі адпаведных умоваў для сумеснай малітвы, сустрэчы, катэхезы. Існуе шмат прыгожых прыкладаў таго, як неабыякавыя бацькі разам з пробашчам або сястрою-катэхеткаю змаглі арганізаваць для сябе і дзяцей сапраўды прыгожы аазіс для сустрэчаў з Богам. 

У выхаванні адносінаў дзяцей да Бога і Касцёла важна не забываць пра адзін з галоўных педагагічных прынцыпаў:

не дзеці павінны кіраваць бацькамі,
але бацькі дзецьмі.

І гэты прынцып важны не толькі ў адносінах паміж людзьмі, але і ў адносінах з Богам. Важна,  каб і мы, дарослыя, не былі капрызнымі дзецьмі, не прыдумвалі свае, часта інфантыльныя, метады выхавання, але заўсёды памяталі, што мы таксама вучні  і дзеці. І мы маем над сабою Айца, які нас збірае і мудра вучыць у вялікай сям’і Касцёла, каб у гэтай сям’і давесці нас да паўнаты шчаслівага жыцця паміж сабою і з Богам.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 
старые. проститутки брюнетки Красноярск. худые проститутки Екатеринбург. проститутки Курчатовский. Ночные бабочки: проститутки в Оренбурге Гифки. кабинет врача. Секс по материалам сайта . Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла