Пошукі святла

Велікодная нядзеля (12.04.2020)

Тады Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: «Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, абвешчанага Янам. Як Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэта, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог. I мы — сведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне Юдэйскай і ў Ерузалеме. Яго забілі, павесіўшы на дрэве. А Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму з’явіцца не ўсяму народу, але нам, сведкам, выбраным раней Богам, якія елі і пілі разам з Ім пасля Ягонага ўваскрасення. Нам таксама наказаў абвяшчаць народу і сведчыць, што Ён — прызначаны Богам суддзя жывых і памерлых. Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Ягонае».

(Дз 10, 34а. 37–43) 

Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу! Калі ж з’явіцца Хрыстус, жыццё вашае, тады і вы з’явіцеся разам з Ім у хвале.

(Клс 3, 1–4)

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

(Ян 20, 1–9)

Пошукі святла

Нядзеля Уваскрасення Хрыстовага можа выклікаць у чалавеку згрызоты сумлення, пачуццё ўласнай марнасці і крохкасці веры. Калі Хрыстус уваскрос, ці ж не павінен хрысціянін радасна дыхаць на поўныя грудзі, смела глядзець у будучыню, не паддаючыся цяжкасцям і клопатам, якія сустракаюцца яму тут, у гэтай даліне слёз? Перад вачыма паўстаюць Апосталы і святыя пакутнікі, якім вера ва ўваскрашэнне дазваляла бясстрашна прымаць пакуты і смерць. «Калі б я меў веру з гарчычнае зерне…» — уздыхае бедны католік, усведамляючы ўласны страх перад наступным днём, перажываючы канфлікт з таксічным чалавекам, адчуваючы бездапаможнасць у вырашэнні чарговай праблемы. 

Заўважце, што Марыя Магдалена ідзе да гробу Хрыста, калі навокал яшчэ цёмна. Апосталы бягуць туды ў здзіўленні. Яны шукаюць Укрыжаванага, а не Уваскрослага. Шукаюць унізе, у гробе. Пазней св. Павел будзе заклікаць: «Шукайце таго, што ў вышынях», але пошукі Жыцця пачынаюцца ў смерці, Святла — у цемры, Надзеі — у роспачы… Таму важна, каб мы, адчуваючы марнасць сваёй веры, не стаялі на месцы, бядуючы над уласным станам. Евангелле гаворыць нам аб руху, аб прабыванні ў дарозе, аб працэсе: Магдалена ідзе, Пётр і Ян бягуць, Павел заклікае спяшацца. 

Заўважце яшчэ, што ў евангельскім апісанні велікоднай раніцы героі не застаюцца адны. Адкрыўшы пустую грабніцу, Марыя Магдалена ідзе да апосталаў і дзеліцца з імі сваім здзіўленнем. Пётр і Ян, кожны ў сваім тэмпе, бягуць да грабніцы, каб разам сустрэцца з незразумелым. Таму нічога дзіўнага, што Хрыстус «наказаў нам абвяшчаць народу і сведчыць». Добрая Навіна памрэ, калі стане толькі прадметам адзінокай рэфлексіі, глыбокіх роздумаў, унутранай дыскусіі. Евангелле існуе ў супольнасці: пра яго трэба апавядаць, яго трэба перадаваць, ім трэба дзяліцца…

Таму не затрымлівайцеся, не заставайцеся сам-насам з сабою, шукайце знакаў. Нядзеля Уваскрасення Хрыстовага распавядае не пра тытанаў веры і духа. Гэта аповед пра людзей у роспачы, якія шырока расплюшчваюць вочы і адкрываюць вушы, углядаюцца ў пусты гроб і палатно, што ляжыць там, і шукаюць у цемры Святло. Гэтак яны рыхтуюцца да таго моманту, калі Уваскрослы Хрыстус пажадае дакрануцца да іх сваёю прысутнасцю. 


 Айцец Павел Казацкі ОР
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле “W drodze”

 

 
старые. проститутки брюнетки Красноярск. худые проститутки Екатеринбург. проститутки Курчатовский. Ночные бабочки: проститутки в Оренбурге Гифки. кабинет врача. Секс по материалам сайта . Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла